Навіны | 30.07.2017

МІЖНАРОДНЫ ФОРУМ ПАМЕЖНАГА КІНО «ХРАНАТОП. ART: REBOOT».

Мультымедыйны праект «Хронотоп»
Аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны»
Кінашкола-студыя Андрэя Палупанава
Паблік «Маладое кіно Беларусі»
Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве

22–23 ліпеня 2017 у арт-вёсцы Каптаруны адбыўся МІЖНАРОДНЫ ФОРУМ ПАМЕЖНАГА КІНО «ХРАНАТОП. ART: REBOOT».

Паміж
Традыцыяй і Авангардам
Захадам і Усходам
Мінулым і Будучым

У фокусе кінафоруму «хранатоп. ART:REBOOT» — кіно памежжа, «пераходу», «мяжы», мастацтва «паміж»:

паміж камерцыйным і аўтарскім, сацыяльным і эксперыментальным, традыцыйным і contemporary, (пост)рэальным і выдуманым, аналагавым і лічбавым, індустрыяльным і постіндустрыяльным.

Куратары і куратаркі: Адрэй Кудзіненка, Артур Клінаў, Таня Арцімовіч, Антон Сідарэнка (беларуская і польская праграмы), Марта Клінава (украінская праграма).

Форум працягнуўся адукацыйным кіналетнікам Андрэя Палупанава і Андрэя Кудзіненкі (24-28 ліпеня), у рамках якога на працягу тыдня група студэнтаў прайшла экстрэмальны шлях ад нараджэння ідэі да гатовага фільма. Вынікам школы стануць кароткаметражныя фільмы, знятыя ў Каптарунах, лепшыя з якіх увойдуць у кінаальманах «Хронотоп».

 

ПРАГРАМА 

«Чаму не Вінаградаў?». Андрэй Кудзіненка пра Валянціна Вінаградава. Паказ стужкі «Сны Валянціна Вінаградава» (рэж. А. Кудзіненка).

Дакументальны фільм Андрэя Кудзіненкі прысвечаны вядомаму беларускаму рэжысёру Валянціну Вінаградаву, аўтару фільмаў «Письма к живым», «Восточный коридор», «Жди меня, Анна» ды іншых.

Лекцыя Андрэя Кудзіненкі «Памежжа: дыягназ часу альбо трэнд?».

Андрэй Кудзіненка раскажа аб праекце «Хранатоп» у кантэксце сучасных сацыяльных і філасофскіх канцэптаў, аб творчым метадзе, аб досведзе хранатопаўскіх інтэрвенцый па гарадах Беларусі і за мяжой.

Андрэй Кудзіненка, рэжысёр, адзін з апошніх вучняў легенды «Беларусьфільма» Віктара Турава. Рэжысёр фільма «Акупацыя. Містэрыі» (2003), удзельніка і прызёра шматлікіх міжнародных кінафестываляў, сярод іх: Ратэрдамскі, Маскоўскі МКФ, Ерусалімскі (дыплом за рэжысуру), КФ у Котбусе, МКФ у Карлавых Варах, Тайпеі, «Lubuske lato filmowe» (Польшча, першы прыз), «Маладосць» (Кіеў) і інш. Фільмаграфія: «Розыгрыш», «Масакра», «Hard Reboot» ды інш. Аўтар і куратар мультымедыйнага праекта «Хранатоп».

Лекцыя Андрэя Расінскага «Атракцыёны памежжа».

Андрэй Расінскі, культуразнаўца і крытык. Аўтар курсаў у Беларускім гуманітарным калегіюме «Камунікацыя і мантаж атракцыёнаў», «Кіно як сведчанне трансцэндэнтнага»; артыкулаў «Два карнавалы сучаснай Беларусі», «Засмечаная Беларусь: фетышы, сіндром Плюшкіна і пустыя прасторы» і інш. Вёў сталую кінарубрыку ў «Нашай ніве», друкуецца ў газеце «Новы час».

Лекцыя Яўгена Рагозіна «Візуальнае і аўдыяльнае. Гукавы сэнс штодзённасці і як гэта гучыць у касмічным маштабе».

Яўген Рагозін, гукарэжысёр больш за 50 кінапастановак (з якіх больш за палову — анімацыя), кіраўнік уласнай студыі гуказапісу soundmixer.by.

Сустрэча з Андрэем Сільвестравым «Калектыўныя і індывідуальныя медыя».  Паказ фільма «Расія як сон» (дакументальны альманах, Расія, 54 хв.).

Усе гэтыя людзі, сярод якіх былі рэжысёры, мастакі, куратары і паэты, сустрэліся ў Сібіры, у горадзе Канск, і стварылі шматгалосную кінафрэску пра падарожжа ў глыбіні рускай душы… і геаграфіі. Гран-пры конкурсу Omnibus 25-га адкрытага фестывалю кіно краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі «Кінашок», 2016. Удзельнік асноўнага конкурсу кінафестывалю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast(Вісбадэн, 2017); Гран-пры конкурсу «Амнібус» фэсту «Кінашок» (2016).

Пра «Расія як сон», Вольга Шэрвуд, BBC.

«Фільм — вяршыня 15-гадовага развіцця фестывалю ў Канску — літаральна натхнёны і накормлены фантазмам гэтай маленечкай кропкі ў цэнтры Расіі, у цэнтры Сібіры, на рацэ Кан, назва якой з адной з цюркскіх моў перакладаецца як кроў. Канцэпцыя Сільвестрава прапаноўвала “перажыць у фільме нашу цывілізацыю як ілюзію”. А я думаю, атрымаўся партрэт Генія Месца. Рэпартаж-узор, які лёгка “падаўжаецца” ў прасторы — на ўсю краіну і свет, а ў часе — у абодва бакі ад сённяшняга. Бо жыхары Канска распавядаюць, тут і цяпер, пра сваю ўяўную смерць як бы “адтуль”, перасцерагаючы нас ад спешкі. А неба, лес, поле і Саборная плошча вакол іх, бесперапынна змяняючыся, вечныя. І ў “іншае вымярэнне” фільм сыходзіць — ва ўмоўнасць мастацтва, ад рускага жывапісу да некрарэалізму, у безумоўнасць народных традыцый і менталітэту, якія складаюць нашу культуру».

Андрэй Сільвестраў, кінарэжысёр, прадзюсар кіна- і тэлевытворчасці. Прэзідэнт і куратар Міжнароднага Канскага відэафестывалю (Канск, Расія). Удзельнік і прызёр многіх буйных міжнародных і нацыянальных прэмій і кінафестываляў. Фільмаграфія: (як рэжысёр і прадзюсар): «Волга-волга» (2006, рэж.), «Мозг» (2010, рэж.), «Бірмінгемскі арнамент» (2011, рэж. і прадзюсар), «За Маркса …» (2012, прадзюсар), «Бірмінгемскі арнамент II» (2013, рэж. і прадзюсар), «Эліксір» (2015, прадзюсар) і інш.

Перформанс Канстанціна Мужава «ДОБРА.БЫТ № 3, СРЕДА ПИТАНИЯ».

Канстанцін Мужаў

Беларуская кінапраграма. Уступнае слова Антона Сідарэнкі. Фільмы:

«Орша-Мінск-Орша» (рэж. Юлія Ралко, 45 хв.), «Сапрамат» (рэж. Андрэй Цімафееў, 26 хв.).

Антон Сідарэнка, журналіст, аглядальнік у сферы кіно. Аўтар і вядучы праекта «Сваё кіно», праграмы «Час кіно» на тэлеканале «Беларусь 3». Аўтар аднаго з самых доўгаіснуючых блогаў у беларускім інтэрнэце «КиноЧтиво» (kinopark.by), а таксама мноства друкаваных выданняў. Колішні супрацоўнік Музея гісторыі беларускага кіно. Аўтар праграм і вядучы пяці сезонаў клуба «Феномены кіно» ў мінскім кінатэатры «Ракета».

Дыскусія «А можа, гэта кіно?.. Новае беларускае кіно ў эпоху постгалівуду». Мадэратар: Антон Сідарэнка.

Выступ Naka piano. Анастасія Шпакоўская (вакал) і Ірына Кліменка (фартэпіяна).

Naka Piano

Польскае дакументальнае кіно. Праграма польскага дакументальнага кіно Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве. Фільмы: «Біты свабоды» (рэж. Войцэх Слота, Лешэк Гнаіньскі, 52 хв.), «Мастацтва знікнення» (рэж. Бартэк Канопка, Пётр Расалоўскі, 70 хв.).

Лекцыя Альміры Усманавай.

Альміра Усманава, кандыдатка філасофскіх навук, прафесарка дэпартамента медыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс, Літва), рэдактарка кніжнай серыі «Візуальныя і культурныя даследаванні» (выдавецтва ЕГУ). Вобласць даследчых інтарэсаў: візуальныя даследаванні, семіётыка, тэорыя кіно, гендарная тэорыя. Асноўныя публікацыі: «Умберта Эка: парадоксы інтэрпрэтацыі» (2000), «Анталогія гендарнай тэорыі» (2000, рэд., сумесна з А. Гапавай), «Бі-тэкстава і кінематограф» (2003, рэд.), «Гендар і трансгрэсія ў візуальных мастацтвах «(2007, рэд.)», «Візуальнае (як) гвалт» (2008, рэд.), «Беларускі фармат: нябачная рэальнасць» (2008, рэд.) і іншыя.

Лекцыя Андрэя Горных.

Андрэй Горных, філосаф, выкладчык, публіцыст. Кандыдат філасофскіх навук, прафесар дэпартамента медыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Са-дырэктар Лабараторыі візуальных і культурных даследаванняў ЕГУ і рэгіянальнага семінара «Візуальныя і культурныя даследаванні: прадмет, метады і дыдактычныя стратэгіі». Аўтар кніг «Фармалізм: ад формы да тэксту і за яго межы» (2002), «Медыя і грамадства» (2011), а таксама шэрагу навуковых і публіцыстычных тэкстаў па філасофіі і культуралогіі. Спецыялізуецца ў галіне семіятычнай тэорыі, метадалогіі візуальных даследаванняў і аналізу фільма.

Беларуская праграма. Куратар Антон Сідарэнка. Фільмы: «Час для кахання» (рэж. Дзмітры Велескевіч, 8 хв.), «Дзень Перамогі» (рэж. Любоў Зямцова, Вольга Драчук, 20 хв.), «Па краі» (16 хв.), «Выспа малака» (рэж. Сяргей Гудзілін, 8  хв.). Пасля паказаў адбудзецца абмеркаванне з удзелам рэжысёраў.

Прэзентацыя фільмаў з Украіны. Уступнае слова Марты Клінавай. Фільмы: «Усходазнаўца» (рэж. Анастасія Мацешка, Максім Курачкін, 9 хв.), «Golden Love» (рэж. Павло Острыкаў, 12 хв.), «Шэсць паверхаў» (рэж. Олександр Наўроцкі, 13 хв.), «Ленінапад» (рэж. Святлана Шымко, 11хв.), «Штодзённік» (рэж. Олександра Чурпіна, 34 хв.). Пасля паказаў абмеркаванне з удзелам рэжысёркі Олександры Чурпіной.

Дыскусія «Памежнае кіно як адказ на выклікі новай эпохі». Мадэратар: Андрэй Кудзіненка.

Феномен пагранічнага незалежнага кіно: як прасоўваць, здымаць, як самаарганізавацца. Куды ўсё рухаецца і прыйдзе? Калі памежнае — гэта і пераходнае, то куды? У дэградацыю, у маргіналізацыю альбо?..

Андрэй Кудзіненка, Антон Сідарэнка, Андрэй Сільвестраў, Альміра Усманава

Працяг кінапраграмы. Фільмы: «Cукенка» (рэж. Юдыт Фібігер, 63 хв.), праграма Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве, «10 секунд» (рэж. Юлія Гантарук, Украіна, 69 хв.). Уступнае слова Марты-Дарь’і Клінавай і Вольгі Драчук.

Частка сродкаў на правядзенне форума была сабраная краўндфандынгам на платформе TALAKA.