Навіны | 19.08.2017

II МІЖНАРОДНЫ OPEN-AIR ФОРУМ «МІЖМОР’Е ЛІТАРАТУР»

12-13 жніўня 2017 у Арт-вёсцы Каптаруны адбыўся IІ Міжнародны open-air форум «Міжмор’е літаратур», тэма якога — Літаратурнае міжмор’е. Рассоўваючы межы.

 

Мінулыя гады сталі часам выпрабаванняў для заходніх краін, краін Цэнтральная і Усходняй Еўропы, паставіўшы пад пытанне тыя геапалітычныя саюзы, якія складаліся дзесяцігоддзямі. Падаецца, наступныя гады пройдуць пад знакам пошуку новых стратэгій суіснавання, у тым ліку новых фарматаў узаемадзеянне культур. Падчас форума з культурнай перспектывы нам хацелася б абмеркаваць не толькі магчымыя будучыя сцэнары ў сітуацыі «крызіса Еўропы», але паразважаць над агульнымі старонкамі мінулага, што можа стаць адпраўной кропкай для узаемапрыцягнення і ўзаемаабмена ў новым фармаце.

Ці мажлівы сёння палітычны і эканамічны саюз краін Міжмор’я? Нас абʼядноўваюць агульны лёс, гісторыя, рэлігіі, блізкія традыцыя і культура. Нас раз’ядноўваюць межы, геапалітычныя саюзы і штучныя бар’еры. Аднак культура рассоўвае межы і пераадольвае баре’ры. І ўсё ж такі саюз магчымы ўжо сёння — як Міжмор’е культур, Міжмор’е літаратур, Міжмор’е агульных каштоўнасцяў, памкненняў і мэтаў. Менавіта таму тэмай гэтага года мы абралі — Літаратурнае міжмор’е. Рассоўваючы межы, а нашымі ключавымі словамі сталі мора, мяжа і акраіны.

Арт-вёска Каптаруны, якая геаграфічна знаходзяцца на мяжы, а ментальна — на перакрыжаванні чатырох культур, падаецца аптымальным месцам для гэтых дыскусій. Бо сапраўды — мяжа можа быць і тым, што нас аб’ядноўвае.

Мы розныя, і няхай гэта будзе нагодаю сабрацца разам!

Госці форума: Андрэас Ростэк (Германія), Мар’юс Івашкявічус (Літва), Браніслаў Вільдштэйн, Юстына Чэхоўска (Польшча), Таццяна Пастушэнка, Мікола Рабчук (Украіна), Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Альгерд Бахарэвіч, Аляксей Братачкін, Аксана Гайко, Алесь Гарбуль, Сяргей Дубавец, Артур Клінаў, Ігар Логвінаў, Ігар Пракаповіч, Таня Скарынкіна, Андрэй Хадановіч, Вольга Шпарага, Таццяна Шчытцова, Юля Цімафеева (Беларусь).

Арганізатары форума: аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны», Літаратурны дом «Логвінаў». Пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве, Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Гётэ Інстытута ў Мінску.

ПРАГРАМА ФОРУМА

Дыскусія. Intermarium: ад гісторыі да псіхагеаграфіі

У панэлі прымуць удзел: Браніслаў Вільдштэйн, Мікола Рабчук, Таццяна Шчытцова. Мадэратар Ігар Бабкоў.

З усіх зонаў цэнтральна-ўсходняй Еўропы рэгіён «Міжмор’е» выглядае адначасова і самым праблемным, і самым устойлівым. Размешчаны ў сейсманебяспечнай паласе сутыкнення і накладкі цывілізацый, ён перыядычна ідзе на дно гісторыі і перыядычна вяртаецца на паверхню. Без прызнанага імя і ідэнтычнасці (Міжмор’е? Еўрапейская Сарматыя? Усходнееўрапейскае памежжа? Крывавыя землі?), з незавершанымі нацыянальнымі праектамі і гістарычнымі крыўдамі, канфліктамі глабальных выклікаў і посткаланіяльных рэсантыментаў, ён, тым не менш, увесь час генеруе ўтульнасць — і амаль магію — лакальных формаў жыцця і культуры, у якіх сплятаюцца ў адно мовы, этнасы, эпохі.

Якія новыя шанцы і магчымасці адкрываюцца для рэгіёна ў сітуацыі крызы і няпэўнасці старой Еўропы? Ці магчымая новая суб’ектнасць? І новае аблічча рэгіёна? Як магчыма думаць Міжмор’е? З якога месца і з якой перспектывы? Якія выклікі і інтэлектуальныя задачы стаяць сёння перад «людзьмі культуры»?

***

Дыскусія. Беларусь-Літва-Польшча: пераадоленне стэрэатыпаў

У панэлі прымуць удзел: Юстына Чэхоўска, Альгерд Бахарэвіч, Мар’юс Івашкявічус. Мадэратар Сяргей Дубавец.

Гістарычна паміж беларусамі, літоўцамі і палякамі склаліся цесныя культурныя адносіны, абумоўленыя агульнай культурнай спадчынай (Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай). Тым не менш падаецца, што сёння існуюць пэўныя стэрэатыпныя погляды ў дачыненні да культур нашых краін, абумоўленыя ў тым ліку напружаннем наконт прыналежнасці гэтай культурнай спадчыны.

Што гэта за стэрэатыпы? Якія беларуска-літоўска-польскія стэрэатыпы можна прачытаць у нашых літаратурах? Ці патрэбны яны? І калі не, якім чынам магчыма іх пераадольваць? Якую ролю ў гэтых працэсах адыгрывае культура і літаратура?

***

Прэзентацыя

Ігар Пракаповіч. На памежжы культур. Славутыя дзеячы.

У сваёй прэзентацыі Ігар Пракаповіч распавядзе пра вядомых асоб польскай, літоўскай і габрэйскай культур, якія паходзяць з Пастаўскага і Мядзельскага края.

***

Дыскусія. Пераклады як масты ў мультыкультурным грамадстве

У панэлі прымуць удзел: Мікола Рабчук, Юля Цімафеева. Мадэратарка Юстына Чэхоўска. Дыскусія будзе адбывацца на англійскай мове без перакладу.

Пераклад канцэптуальна разумеецца як адзін з асноўных інструментаў пераадолення разрыву паміж рознымі культурамі. Перакладчык — ён ці яна — з’яўляецца, з аднаго боку, медыятарам сэнсаў, з іншага — іх непасрэдным стваральнікам, што робіць пераклад моцным этычным і палітычным інструментам. Якую ролю ў сучасным грамадстве — грамадстве «глабальнай вёскі» — грае пераклад? Ці заўсёды пераклад дапамагае пераадолець разрыў паміж культурамі? Як змяняецца альбо не змяняецца ягоная функцыя ў сітуацыі рухомых межаў?

 ***

Дыялогі выдаўцоў. Андрэас Ростэк і Ігар Логвінаў пра «малыя» літаратуры.

Мадэратар Альгерд Бахарэвіч.

***

Дыскусія. Памяць пра спадчыну габрэйскай культуры: Беларусь, Літва, Германія

У панэлі прымуць удзел: Мар’юс Івашкявічус, Андрэас Ростэк, Андрэй Хадановіч, Аксана Гайко. Мадэратар Аляксей Братачкін. Тэатр «Крылы Халопа» (Брэст) з прэзентацыяй мультымедыйнага праекта «Brest Stories Guide».

Многія культурныя феномены не маюць лакальных межаў. Габрэйская культура і памяць пра яе ў розных краінах Еўропы могуць разглядацца з пункту гледжання транснацыянальнага падыходу: ад феноменаў штодзённасці і культурных практык, знакавых фігур і палітык ідэнтычнасці да сучасных спосабаў актуалізацыі памяці аб культурнай разнастайнасці і ўзаемаўплыве.

Адна з тэм дыскусіі — наколькі сёння пераадольваюцца стэрэатыпы мінулага і якое месца займаюць габрэйскія спадчына і культура, у тым ліку памяць аб траўматычных падзеях ХХ стагоддзя, у публічным дыскурсе Беларусі, Літвы і Германіі? Ці могуць прыклады габрэйскай і літоўскай памяці пра падзеі Халакосту ў Малетай і актуалізацыі ў Германіі твораў Майсея Кульбака, класіка габрэйскай літаратуры міжваеннага перыяду ў Беларусі, быць узорам новага, не абмежаванага спрэчкамі пра лакальную нацыянальную ідэнтычнасць падыходу да габрэйскай спадчыны і культуры ў розных грамадствах?

***

Дыскусія

«Нацыянальная культура» ва Украіне і Беларусі як прастора рэфлексіі і канструявання

У панэлі прымуць удзел: Мікола Рабчук, Таццяна Пастушэнка, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч. Мадэратарка Вольга Шпарага.

Ва Украіне і Беларусі пасля распаду СССР культура стала вызначацца як нацыянальная. Агульным месцам зрабілася супрацьпастаўленне яе савецкай культуры (хоць у Беларусі на афіцыйным узроўні гэтае проціпастаўленне фармулюецца як «узялі лепшае з савецкага»). Іншым важным вымярэннем з’яўляецца разуменне нацыянальнай культуры нашых краін як еўрапейскай. Пры гэтым для нейкай часткі грамадства гэта Еўропа 19-га стагоддзя з яе патрыярхальнымі ды іншымі ўзорамі, якія падвяргаюцца крытыцы прыхільнікамі і прыхільніцамі іншай Еўропы — Еўропы 21-га стагоддзя. Для гэтай, другой версіі еўрапейскай самасвядомасці вызначальнымі рысамі выступаюць адчувальнасць да разнастайнасці і прыярытэтнасць правоў чалавека перад нацыянальным цэлым. Чалавек, надзелены правамі, разумеецца пры тым таксама не абстрактна: ён, а дакладней — розныя людзі маюць гендар, узрост, адкрытую сэксуальную ідэнтычнасць, а таксама прэтэндуюць не толькі на свае грамадзянскія і палітычныя, але і сацыяльныя правы. Пытанне аб сацыяльнай справядлівасці аказваецца не менш важным, чым пытанне аб індывідуальнай свабодзе.

У рамках дыскусіі пры ўдзеле экспертаў мне хацелася б абмеркаваць, з дапамогай якіх літаратурных і іншых культурных стратэгій магчыма сёння рэфлексаваць пра розныя пласты «нацыянальных культур» Украіны і Беларусі? Як вы гэтую культуру бачыце і хацелі б бачыць? Якія тыпы ідэнтычнасцяў і супольнасцяў канструююцца ў сучаснай літаратуры і культуры ў нашых краін (і ў вашай уласнай творчасці)? Ці здольныя культурныя праекты — і калі так, то якія,  — дапамагаць супраціўляцца розным формам гвалту, выкліканага вайной, дзяржаўным свавольствам і неалібералізмам у нашых краінах?

***

ЧЫТАННІ

МАРА ПРА МОРА

Чытаюць: Ігар Бабкоў, Браніслаў Вільдштэйн, Сяргей Дубавец, Артур Клінаў, Таня Скарынкіна, Андрэй Хадановіч.

МЯЖА

Чытаюць: Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Мікола Рабчук, Таня Скарынкіна, Юля Цімафеева.

УСКРАІНЫ

Чытаюць: Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Мікола Рабчук, Юля Цімафеева.

***

Праект КІНЕМО.

Нямое кіно ў суправаджэнні жывой музыкі. Фільмы: «Шэрлак Малодшы» рэж. Бастэр Кітан. (Sherlock Jr., ЗША, 1924, 44 хв.), трагікамедыя Чарлі Чапліна «Імігрант» (The Immigrant, ЗША, 1917, 25 мін.), «Падарожжа на месяц» (Le Voyage dans la Lune, 14 хв.).

Музычны сэт Аляксея Варсобы.

Глядзець фота ТУТ.