Навіны | 21.06.2017

Арт-пленэр «Саламяны вырай-2»

23-26 чэрвеня ў аграсядзібе «Арт-вёска Каптаруны» адбудзецца пленэр з беларускімі мастакамі і мастачкамі — Артурам Клінавым, Вольгай Сазыкінай, Ігарам Саўчанка, Сяргеем Кажамякіным, Андрэем Лянкевічам, Сяргеем Ждановічам, Вольгай Прусак.

26 чэрвенія ў межах пленэра мастачка і выкладчыца Беларускай акадэміі мастацтваў Вольга Сазыкіна для жыхароў Лынтуп правядзе майстар-клас «Метад алгарытму» па навучанні тэхніцы акварэлі з нуля. Пасля пленэру плануецца зладзіць фотавыставу, прысвечаную Лынтупшчыне.

#летаўкаптарунах #summerinkaptaruny

Артур Клінаў. Сладкае саламянае жыццё. Інсталяцыя, 2006

Пра мастакоў:

Артур Клінаў, мастак, пісьменнік. Аўтар канцэптуальнага праекту «Горад Сонца», які складаецца з візуальнай паэмы «Горад СОНца» і «Малой падарожнай кніжкі па Горадзе Сонца». Выступіў галоўным мастаком у фільме Андрэя Кудзіненкі «Масакра» (Беларусфільм, 2010). Працы выстаўляліся ў Беларусі, Польшчы, Літве, Германіі, Францыі, Грэцыі. У 2011 годзе прадстаўляў Беларусь на 54-й міжнароднай Венецыянскай біенале (Італія), дзе прадставіў сваю інсталяцыю з саломы «Вячэра». Творы Артура Клінава знаходзяцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Велікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі.

Андрэй Лянкевіч, фатограф, куратар Месяца фатаграфіі ў Мінску. Скончыў праграму «World Press Photo» ў Ерэване (2005). Меў каля 60 выставаў у Беларусі, Аўстрыі, Бельгіі, ЗША, Італіі, Летуве, Нарвегіі, Германіі, Польшчы, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі. У кастрычніку 2014 года Андрэй ініцыяваў Месяц фатаграфіі ў Мінску, у межах якога на 8-мі пляцоўках прайшло 12 выстаў, 7 лекцый і прэзентацый, мультымедыя-паказы і фотапрэмія. У 2015–2016, Андрэй быў мастацкім кіраўніком прасторы ЦЭХ. У гэтым годзе Андрэй атрымаў Гран-пры на «Восеньскім салоне» (Мінск, Беларусь) за калажы з праекту «Бывай, Радзіма».

Вольга Сазыкіна, мастачка і выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Член International Association Hand Papermakers and Paperartists (IAPMA) і Беларускага саюза дызайнераў. Работы Вольгі Сазыкіна знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, фондах Беларускага саюза мастакоў, выставачным аб’яднанні «Цэнтральны дом мастакоў» (Масква), а таксама ў ЗША, Германіі, Галандыі, Францыі, Італіі, Польшчы, Англіі, Літвы.

Ігар Саўчанка, фатограф. З канца 1980-х займаецца фатаграфіяй. У 1991 годзе атрымлівае Прэмію Кодак-Патэ на Міжнародным салоне фатаграфіі ў Рояне (Францыя). Піша тэксты і прозу. З 1998 году стварае праекты на базе тэкстаў і змяшанай тэхнікі. Фатаграфіі Ігара Саўчанкі знаходзяцца ў прыватных і публічных калекцыях многіх краін, у тым ліку Дзяржаўным Рускім Музеі (Санкт-Пецярбург), Brandts Museet for Fotokunst (Адэнсе, Данія), Fotografiska Museet — Moderna Museet (Стакгольм, Швецыя), Fotomuseum München (Мюнхен, Германія), KIASMA — Museum of Contemporary Art (Хельсінкі, Фінляндыя), Museum of Fine Arts (Хьюстан, штат Тэхас, ЗША).

Сяргей Кажамякін, фатограф. Член Беларускага саюза дызайнераў. Аўтар-складальнік даведніка «Фотамастацтва і фотабізнэс у Беларусі». Член экспертнай камісіі МС «Фотамастацтва». Працы выстаўляліся ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Швецыі, ЗША, Германіі, Даніі.

Сяргей Ждановіч, фатограф, мастак. Аўтар і ўдзельнік шматлікіх арт-праектаў у Беларусі і за мяжой. Займаецца чорна-белай фатаграфіяй, а таксама інсталяцыяй і мультымедыя. Працы выстаўляліся ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, Галандыі.

Вольга Прусак, мастачка, драматург. Лаурэатка прэміі Тома Стопарда «Яркі Дэбют », пераможца конкурса кінасцэнарыяў REC-2016 (Расія).

Арганізатары: Пастаўскае раённае аб’яднанне «Экаагратур» і аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны».